Наша «Спадчына»
Ансамблю народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага сельскага Дома культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” рашэннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (№ 54 ад 05.05.2025 года) нададзена ганаровае найменне “народны”. Калектыў быў заснаваны ў 1994 годзе і працуе па цяперашні час. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўдалыя выступленні ансамбля на розных раённых, рэгіянальных, абласных, міжнародных конкурсах і фестывалях, адкуль яны вяртаюцца дадому з высокімі адзнакамі журы.
На сённяшні дзень асноўны састаў калектыву – гэта ўсяго чатыры жанчыны – Людміла Каратцова, Ніна Яцутка, Наталля Паплыка і Наталля Дударава. У сэрцы кожнай з іх жыве любоў к спевам і адданасць менавіта беларускай народнай песні. У дзяўчат, як у адной, прыгожыя галасы. Выконваючы музычныя творы, яны закранаюць патаемныя куткі душы кожнага, хто мае магчымасць чуць іх песні.
Творчае жыццё гэтага гурта насычанае і мае высокі выканальніцкі ўзровень. Апошнія 4 гады калектыў удзяляе асаблівую ўвагу адраджэнню старынных, абрадавых аўтэнтычных песен, дзе голасам неабходна адлюстраваць глыбіню эмоцый і духоўную спадчыну народа. Нягледзячы на ўзрост у 80 гадоў, Ніна Фядосаўна Яцутка імкнецца перадаць свой бясцэнны песенны спадчынны капітал сябрам па творчасці. Кожная такая песня становіцца не толькі музычным творам, але і жывым сведчаннем культурнай гісторыі. Стаўленне калектыву да народных традыцый, гісторыі выразна адлюстроўваецца ў яго назве – “Спадчына”.
“Падчас выканання такіх аўтэнтычных песен зал замірае, прапускаючы іх праз сябе, а ў некаторых слухачоў у вачах з'яўляюцца слёзы. У такія моманты адчуваеш, што мы на гэтай сцэне не проста так. Людзі ўнікаюць у сэнс песні і пражываюць яе разам з намі”, – адзначыла кіраўнік цяпер ужо народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” Людміла Каратцова.
Пагутарыўшы з кожнай удзельніцай ансамбля, мы зразумелі, што народная песня і сам ансамбль «Спадчына» маюць для іх глыбокае значэнне.
Каля яго вытокаў…
З чаго ўсё пачалося? Што аб’яднала людзей рознага ўзросту і прафесій? Што дае ім “Спадчына”, і што яны аддаюць ёй? Аб гэтым наша гутарка з удзельніцамі ансамбля.
Людміла Каратцова, заснавальнік і кіраўнік ансамбля, распавяла нам гісторыю, як з'явілася ідэя яго заснавання:
– Пасля заканчэння Мінскага культасветаўскага вучылішча прыехала ў Краснаполле працаваць загадчыцай метадычнага сектара ў Краснапольскім раённым Цэнтры культуры. Выйшла замуж і пераехала ў вёску Пачапы, дзе па сённяшні дзень працую загадчыцай сельскага Дома культуры. Падчас маёй вучобы нам заўсёды казалі: «У добрага спецыяліста ў гэтай сферы павінна быць самадзейнасць. Тады з вамі і будуць лічыцца». Я запомніла гэтае настаўленне і вырашыла яго рэалізаваць. Так і стварыўся калектыў «Спадчына». У той час акрамя дарослых у склад ансамбля ўваходзілі і дзеці. Нас было шмат.
Гэта цяпер засталося ўсяго 4 жанчыны, але ж усе мы любім і шануем беларускія народныя песні.
З песняй па жыцці
Так можна казаць пра Ніну Яцутка, якая свой жыццёвы шлях праходзіць з песняй.
“Раней любая праца суправаджалася песнямі. Помню, выйдзеш на вуліцу, а лес «гудзіць». Гэта значыць, жанчыны пайшлі ў грыбы ці па ягады. Вось і я вучылася ў іх. Словы простыя, але за душу бяруць. Цяпер я ўспамінаю песні, што калісьці чула ў дзяцінстве і дзявоцтве, стараюся перадаць усе свае назапашаныя веды дзяўчатам. Гэта і ёсць наша жывая гісторыя, якую мы не павінны забываць”, – адзначыла Ніна Фядосаўна.
“Пайшлі дзеўкі ў бор па ягады, ой па чорную, па смародзіну...” – прыклад тых песен, якія пелі жанчыны раней. Яны адлюстроўваюць простае сялянскае жыццё, іх быт і традыцыі, усё тое, чым яны займаліся.
“Быў момант, калі ў маёй сям'і здарылася трагедыя. Тады я на працягу цэлага года не ўдзельнічала ў жыцці калектыву, ад слова зусім. Але ад гэтага мне толькі горш было, таму я не вытрымала і вярнулася ў калектыў. Тут я адчуваю сябе лёгка, усе праблемы і клопаты адыходзяць на другі план. Тут я пра іх забываю. Пасля кожнай рэпетыцыі я адчуваю сябе напоўненай бадзёрасцю, на душы становіцца лёгка і спакойна”, – дапаўняе Ніна Яцутка.
Трэба адзначыць, што ў склад народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” уваходзіць і дачка Ніны Фядосаўны – Наталля Дударава.
“У адрозненне ад мамы, да 18 гадоў я не спявала. Так, я слухала яе выкананне, але сама не ўдзельнічала і не ведала пра свой голас. Сем гадоў таму, прыйшоўшы працаваць у Пачапоўскі СДК, Людміла Яўгеньеўна прапанавала паспрабаваць свае сілы ў іх ансамблі. Я не чакала, што ўсё атрымаецца, але складалася ўражанне, што мой голас ідэальна дапоўніў гучанне ансамбля. Усе разам мы ствараем яркі, звонкі і запамінальны калектыў народнай песні. Нас любяць і цэняць, ведаюць не толькі ў раёне, але і ў рэгіёнах і вобласці. Факт, што мы атрымалі найменне «народны», сведчыць пра высокую адзнаку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Цяпер наша задача – не зніжаць планку і адпавядаць гэтай высокай рэпутацыі”, – лічыць Наталля Іванаўна.
Адчула любоў да народнай песні
Самая малодшая ўдзельніца гурта Наталля Паплыка трапіла ў калектыў 4 гады назад. Менавіта тут яна даведалася, што значыць сапраўдная народная песня. Менавіта тут яна пасапраўднаму адчула любоў да яе, хоць спачатку і хвалявалася, калі трэба было выконваць аўтэнтычныя творы.
“За гэты час я навучылася разумець, адчуваць і прыслухоўвацца да кожнага з нас. У мяне няма музычнай адукацыі, але, працуючы ў калектыве, я зразумела, што маю музычны слых. Калі Ніна Фядосаўна пачынае запяваць, наша задача падхапіць партыю ў правільнай танальнасці. Яна яшчэ не скончыла, але мы ўжо ведаем, як спяваць. Мы адчуваем адзін аднаго, гэтак жа, як і Ніна Фядосаўна адчувае нас. Мастак працуе пэндзлем, а мы – голасам”, – разважае Наталля.
Зараз моладзь аддае перавагу сучасным эстрадным песням, аднак ёсць і тыя, каму цікава народная творчасць. Так, напрыклад, малодшая дачка Наталлі, Ганна, з задавальненнем слухае песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «Спадчына».
У добры шлях
Вопыт работы калектыву з народнай песняй актыўна выкарыстоўваецца ў метадычнай рабоце, арганізаванай метадыстам па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК Валянцінай Марчанка. Гэты вопыт варты вывучэння і пераймання. Мэта народнага ансамбля народнай песні «Спадчына» – працягнуць дзейнасць па захаванні традыцыйнай песеннай культуры і рэгіянальных асаблівасцяў, каб нашчадкі маглі пачуць непаўторны голас роднай зямлі.
“Хочацца, каб наш калектыў працягваў жыць і не знік у небыццё, бо нашы аўтэнтычныя песні даносяць да слухачоў гісторыю нашага краю, што асабліва важна для моладзі. Мы павінны не спыняцца на дасягнутым і кожныя тры гады ўпэўнена пацвярджаць найменне «народны». Асобная падзяка метадысту РЦК Валянціне Марчанка за яе падтрымку і натхненне”, – выказала пажаданне і словы ўдзячнасці кіраўнік ансамбля Людміла Каратцова.
Меркаванне эксперта Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК:
– З ахвотай хочацца працаваць і падтрымліваць усё добрае, што ідзе на карысць, росквіт і развіццё нашай малой радзімы, яе культурнага жыцця. Як было не падтрымаць ансамбль народнай песні “Спадчына”, калі гэта такая культурная адзінка, якая заслугоўвае прызнання!
Я рада, што ў нас атрымалася – а як інакш?! У складзе ансамбля – аматары творчасці, якія адданыя роднай песні, любяць яе ўсёй душой, з пашанай ставяцца да аўтэнтычнай спадчыны, у якой закладзены наш культурны код.
Наданне наймення “народны” –
гэта годная ўзнагарода за іх творчую працу, за добры мастацкі выканальніцкі ўзровень, за адданасць матчынай песні і сваёй творчай справе.
Ад аўтара
Любіце сваю Радзіму, шануйце яе традыцыі, гісторыю і памяць продкаў. Гэта заклік, які нагадвае нам пра важнасць захавання культурнай спадчыны і перадачы яе наступным пакаленням. Традыцыі нашых продкаў – гэта аснова нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, якая павінна жыць у нашых сэрцах і справах.
Аляксандра Амельчанка. Фота аўтара і РЦК.