Народны касцюм – традыцыя лёсу

У Магілёве ў выставачнай зале ўстановы культуры “Музей гісторыі Магілёва” адбылося адкрыццё міжнароднай выстаўкі “Народны касцюм як жывая традыцыя лёсу” ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Бранскай і Магілёўскай вобласцямі. Удзел у ёй прымалі і прадстаўнікі Краснапольскага раёна.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі арганізатары гэтага сумеснага праекта і творчыя дэлегацыі, якія стварылі асаблівы каларыт і атмасферу праз дэманстрацыю касцюмаў – ад аўтэнтычнага да сучаснага з выкарыстаннем народных матываў і праз выкананне народных песень.

Знаёмства з народнымі строямі

Народнае адзенне з’яўляецца яркім здабыткам традыцыйнай культуры і важным сімвалам кожнага народа. Лічыцца, што пасля мовы народнае адзенне – найважнейшая этнічная прыкмета.

Традыцыйныя комплексы народнага адзення, характэрныя для пэўнай мясцовасці, уяўляюць народныя строі. Строі адрозніваюцца асаблівасцямі крою, кампазіцыйна­пластычным вырашэннем, фактурай і каларытам тканіны, характарам аздаблення, спосабам нашэння асобных частак касцюма.

Краснапольскі строй і яго асаблівасці

Краснапольскі строй на адкрыцці выстаўкі дэманстравалі ўдзельніцы ансамбля народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК. Комплексы іх аўтэнтычных касцюмаў, набытыя ў экспедыцыях метадыстам па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК Валянцінай Марчанка, складаліся з кашулі, клятчатай спадніцы, аднаполкавага і двухполкавага фартуха, хусткі.

Вось некаторыя характарыстыкі элементаў касцюма краснапольскага строю. Кашулі скроены з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па утку. Злучэнне рукава і ўстаўкі багата аздоблена. Размяшчэнне арнаментыкі па верхняй частцы поля рукава – сеткавае. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя народны касцюм успрыняў новую арнаментыку расліннага характару, якая распаўсюдзілася пад уплывам друкаваных узораў для вышыўкі. Тэхніка аздаблення – вышыўка крыжыкам чырвонымі і чорнымі колерамі. Ніз рукава сцягнуты манжэтам. Тканіна кашулі – льняная. Сярод аздаблення кашуль – разнастайныя спосабы маршчэння, збіранне ў дробныя “кладачкі”. Менавіта зборкі надаюць касцюму аб’ёмнасць, асаблівую пластыку, свабоднае абляганне.

Прызборваліся ў поясе і спадніцы, андаракі. Звычайна яны мелі клятчасты малюнак. Асноўныя іх колеры – белы, чырвоны, сіні, чорны.

Паліхромнасць, якая прыйшла ў вышыўку, успрыняў фартух. Даматканыя фартухі, часта з двух полак, багата аздобленыя чырвоным геаметрычным арнаментам у тэхніцы пераборнага ці закладнога ткацтва саступілі месца фартухам з пакупной тканіны, якія аздабляліся каляровай вышыўкай крыжыкам ці гладдзю, мелі нашыўкі ці карункавыя ўстаўкі.

Краснапольскі строй на адкрыцці выстаўкі быў прадстаўлены толькі такім адным апісаным вышэй комплексам. Усяго жаночы гарнітур краснапольскага строю быў прадстаўлены чатырма комплексамі.

Каларыт і дух стагоддзяў

Дэкор народнага касцюма суладны з пяшчотнай мелодыяй матчынай песні. Удзельніцы ансамбля “Спадчына” выканалі ў час адкрыцця выстаўкі адну з аўтэнтычных песень з свайго багатага рэпертуару.

Народны касцюм добра ўпісваўся ў пейзаж роднага краю, адпавядаў інтэр’еру сялянскай хаты з яго самабытнай мэбляй, абрусамі і ручнікамі. Фотамастак Костас Асіміс злавіў гэты каларыт і дух стагоддзяў. Яго ўнікальныя фотакадры прадстаўлены ў выставачнай зале УК “Музей гістіорыі Магілёва”. Народныя касцюмы аздабляюць іх на манекенах.

Сюды, на гэту выставу, трэба зазірнуць.  Разглядаючы народнае адзенне сялян, вы не перастанеце здзіўляцца гармоніі і прыгажосці жыцця, якія ідуць ад гэтых рэчаў, ад здольнасці продкаў данесці да нас свой вобраз і сваю духоўную сутнасць.

 Сумесны міжнародны праект памежных рэгіёнаў – Магілёўшчыны і Браншчыны – паказаў існаванне лакальных варыянтаў комплексаў народных касцюмаў і тое, што народны касцюм дае адчуванне рэгіянальнага адзінства, што культура краіны не развіваецца адасоблена ад культуры іншых народаў.

Валянціна Марчанка, метадыст РЦК.

Поделиться с друзьями
3 просмотров